Гісторыя школы

Гісторыя школы пачалася ў верасні 1944 года, калі ў горадзе Баранавічы рашэннем Упраўлення вучэбных устаноў упершыню адчыніла свае дзверы сярэдняя школа №2 станцыі Баранавічы-Цэнтральныя Брэст-Літоўскай чыгункі. Школа размясцілася ў невялікім двухпавярховым будынку на вуліцы Вільчкоўскага. Першым дырэктарам школы была прызначана Валодзіна Г.С., а яе намеснікам - Кацельнікаў М.Я. Гэта былі цяжкія гады аднаўлення, калі наша Айчына толькі пазбавілася ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. За школьныя парты селі дзеці-воіны, якія перанеслі ўсе нягоды ваеннага ліхалецця і якія мелі неадольнае жаданне вучыцца. У школе працаваў 21 настаўнік. Яны павінны былі не толькі даць дзецям веды, але і загаіць скалечаныя вайною дзіцячыя душы.
 
Горкага, 113
Паступова колькасць навучэнцаў павялічвалася, і ў сценах невялікага будынка па вуліцы Вільчкоўскага стала цесна. Рашэннем Упраўлення вучэбных устаноў у 1947 годзе было распачата будаўніцтва новага будынка школы па вуліцы Горкага, 113. А першага верасня 1948 года школа расчыніла свае дзверы для вучняў, ужо як СШ №42 Беларускай чыгункі. Узначаліць школу прапанавалі чалавеку, улюбёнаму ў сваю справу, поўнаму энтузіязму і энергіі – Міхайлавай М.У. Яна і была кіраўніком аж да 1963 года.
За гэтыя гады школа дасягнула вялікіх поспехаў у адукацыі і выхаванні і стала адной з вядучых школ горада. Кіраўніком быў створаны творчы, працавіты калектыў настаўнікаў.

Педагагічны калектыў школы 50-х гадоў
Звання “Заслужаны настаўнік БССР” былі ўдастоены Міхайлава М.У., настаўнік хіміі Латышава З.Ф., настаўнік фізікі Субоцін У.С., настаўнік рускай мовы і літаратуры Кузьміна В.М., настаўнік геаграфіі Лугавая Н.М.
 
Міхайлава М.У.

Латышава З.Ф.

Субоцін У.С.

Кузьміна В.М.
Званне “Выдатнік асветы БССР” атрымалі намеснік дырэктара, а потым дырэктар школы Трошкін У.П., настаўнікі рускай мовы і літаратуры Аўчыннікава З.С. і Вількін С.І., настаўнік матэматыкі Паўлючэнка Г.Р., настаўнік замежнай мовы Рагуліна А.Г. Настаўнік хіміі Астапава А.У. з’яўлялася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Лугавая Н.М.

Аўчыннікава З.С.

Рагуліна А.Г.

Вількін С.І.

Цікавай была дзейнасць піянерскай дружыны школы, якую ўзначальвала Болка А.Г.. Дружына насіла імя Двойчы Героя Савецкага Саюза Грыцаўца С.І. Піянерамі дружыны была сабрана вялікая колькасць матэрыялу, на падставе якого быў створаны ў школе музей С.І. Грыцаўца.
У 1961 годзе школа была перайменавана ў сярэднюю політэхнічную школу №14, а з 1963 года яе ўзначаліў Бухман Л.Б., які прыклаў усе намаганні, каб падтрымаць і ўмацаваць традыцыі, закладзеныя Міхайлавай М.В. Навучэнцы школы атрымлівалі не толькі сярэднюю адукацыю, але і рабочую спецыяльнасць, таму ў назве школы і прысутнічала слова “політэхнічная”. У 1966 годзе была ператворана ў звычайную агульнаадукацыйную ўстанову.
На працягу шэрагу гадоў школу ўзначальвалі:

 Бухман Л. Б.
Бухман Л. Б.
(1963 - 1967)
 Трошкін В.П.
Трошкін У.П.
(1967 - 1973)
 Каранько В. К.
Каранько В. К.
(1974 - 1988)
 Сіліцкі Л. В.
Сіліцкі Л. У.
(1989 - 1990)
У 1990 годзе ў сувязі з аварыйным становішчам будынка школа была закрыта на перабудову, і ўсе настаўнікі і вучні перайшлі ў СШ №1. Рэканструкцыя школы працягвалася да 1997 года. І нарэшце 1 верасня 1997 года школа зноў расчыніла дзверы для сваіх вучняў. Дырэктарам школы быў прызначаны Руды М.М.